Мэта: знаёмства з ажыццяўленнем наступальнай “Баграціён” па вызваленні БССР.
Задачы:
разгледзець асаблівасці падрыхтоўкі і правядзення аперацыі “Баграціён”; вызначыць яе ваенна-палітычнае значэнне для далейшага ходу вайны;
садзейнічаць развіццю крытычнага мыслення, актывізацыі разумовай дзейнасці навучэнцаў, удасканальваць уменні працаваць з падручнікам, выкарыстоўваць дадатковы матэрыял, змест гістарычнай карты як крыніцы інфармацыі, аналізаваць і рабіць вывады;
выхоўваць пачуццё гонару за беларускі народ, яго гераічнае мінулае.
Тып урока: камбінаваны ўрок.
Забеспячэнне ўрока: Гісторыя Беларусі, 1917-1945 гг.: Вучэбны дапаможнік для 10 класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання / Пад рэдакцыяй Я.К.Новік, В.В.Гінчук. – Мн., 2012; відэафрагмент “Аперацыя Баграціён”, інтэрактыўныя сэрвісы “Мастер-тест”, “LearningApps.org.”, раздатачны матэрыял, карта “Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
План урока
- Пачатак вызвалення Беларусі
- Беларуская наступальная аперацыя ”Баграціён”
Ход урока
- I. Арганізацыйна-матывацыйны этап урока
Настаўнік чытае верш П.Панчанкі “Байцу, які першы ступіў на беларускую зямлю”.
Не знаю, хто ты — баявы ўралец
Ці дужы, каранасты сібірак.
Падправіўшы спраўней паходны ранец,
Прайшоў ты першым па маіх барах.
Ты першы кроплі горкіх слёз сірочых
Сваёй рукой з дзіцячых твараў сцёр.
Ты першы паглядзеў прыветна ў вочы
Бацькоў маіх любімых і сясцёр.
Ты ў бой ішоў з пагардаю да смерці,
Каб ратаваць мой край.
Ты парадніў Сябе навекі з беларускім сэрцам,
З дубровамі, з красою нашых ніў.
Усё, чым нашая зямля багата,
Цяпер тваё — і вішні пад акном,
I песні звонкія, і стромкіх сосен шаты,
I беларуса дом — твой родны дом.
Ты зноў у бой...
Над Нёманам далёкім
З надзеяй хвоі шэпчуць: “Ён ідзе!”
Ідзі, баец,
Хай будзе шлях твой лёгкім,
Хай куля не кране тваіх грудзей.
Ты будзеш жыць, ты жыць цяпер павінен
За тых, каго замучылі яны.
Ты стаў цяпер для многіх матак сынам,
Народжаным у цяжкі час вайны.
Па ўсёй зямлі разносіцца, як казка,
Твой кожны стрэл, твой кожны новы крок.
Ідзі, баец, ідзі, наш сокал ясны,
Цябе чакаюць Мінск і Беласток.
- Сфармулюйце тэму нашага ўрока?
- Вызначце задачы ўрока. Мы пазнаёмімся з планам па вызваленні беларускай зямлі, даведаемся пра масавы гераізм воінаў Чырвонай Арміі, беларускіх партызан і падпольшчыкаў у вызваленні нашай Радзімы.
Праблемнае пытанне: Чаму разгром групы армій “Цэнтр” у ходзе аперацыі “Баграціён” быў ахарактарызаваны камандаваннем вермахта як катастрофа, большая за Сталінград?
- II. Этап актуалізацыі вопыту навучэнцаў
Але перш, чым пачнём вывучаць новы матэрыял, давайце ўспомнім папярэднія веды па тэме “Вялікая Айчынная вайна”.
Навучэнцы самастойна выконваюць тэставае заданне на камп’ютары ў праграме “Мастер-тест”
http://master-test.net/ru/quiz/testing/id/109270
III. Аперацыйна-пазнавальны этап
- Пачатак вызвалення Беларусі
- Калі адбыўся карэнны пералом у ходзе Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў?
Самастойная работа: пункт 1 § 26
Навучэнцам прапануецца самастойна прачытаць матэрыял падручніка і даць адказы на пытанні, змешчаныя на картках у кожнага навучэнца (дадатак 1):
- Калі пачалося вызваленне Беларусі?
- Калі і які быў вызвалены першы раённы цэнтр?
- Калі быў вызвалены першы абласны цэнтр?
- Якая частка тэрыторыі БССР была вызвалена восенню-зімой 1943 года?
- Чаму Чырвоная Армія не змагла вызваліць у 1943 годзе ўсю тэрыторыю БССР?
- Адказы навучэнцаў
Пракаменціруйце наступныя факты:
1) 24 снежня 1943 года быў вызвалены райцэнтр Гарадок. Спробы савецкіх войскаў прарвацца да г. Віцебска поспеху не мелі. Новае наступленне войскаў Чырвонай Арміі пачалося 3 лютага 1944 года, аднак вызваліць г. Віцебск ім так і не ўдалося.
2) Да канца 1943 года войскі заходняга фронту сем разоў пераходзілі ў наступленне на Магілёўскім напрамку, але задач сваіх не выканалі. Цаной велізарных страт яны змаглі прасунуцца наперад толькі на 10-20 км.
- Беларуская наступальная аперацыя “Баграціён”
У 1944 г. пачаўся завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны. Пачалося выгнанне ворага з тэрыторыі СССР. У студзені-лютым была знята блакада г. Ленінграда. Вясной вораг быў разбіты на Правабярэжнай Украіне, быў вызвалены Крым, але войскі групы армій “Цэнтр” усё яшчэ ўтрымлівалі БССР. Перад Чырвонай Арміяй была пастаўлена задача: разграміць гэтую групоўку. Савецкае камандаванне распрацавала наступальную аперацыю па вызваленні БССР.
Прагляд відэафрагмента “1944 год – год великого освобождения” і адказ навучэнцаў на пытанні:
- Якую назву атрымала аперацыя па вываленні нашай Радзімы? Чаму?
- Мэта аперацыі па вызваленні БССР?
- Калі пачалася аперацыя?
Аперацыя “Баграціён” пачалася раніцай 23 чэрвеня 1944 года нечакана для ворага. Фашысцкае камандаванне лічыла, што галоўны ўдар Чырвоная Армія будзе наносіць па Украіне, але наступленне савецкіх войск пачалося ў Беларусі праз цяжкапраходныя балоты і лясы.
Праца з табліцай (у навучэнцаў на партах – дадатак 2)
Прааналізуйце суадносіны сіл Германіі і СССР напярэдадні аперацыі “Баграціён”.
Краіна
|
Агульная колькасць войск
|
Гарматы і мінамёты
|
Танкі і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі
|
Самалёты
|
Германія
|
1,2 млн. чал.
|
9,5 тыс.
|
900
|
1350
|
СССР
|
2,4 млн. чал.
|
36 тыс.
|
5200
|
5,3 тыс.
|
Прагляд відэафрагмента “Баграціён”
- Ці згодны вы, што аперацыя “Баграціён” была адной з буйнейшых аперацый? (У ходзе аперацыі перастала існаваць адна з самых магутных групіровак вермахта – група армій “Цэнтр”) Работа ў групах (заданні на картках – дадатак 3)
I група (матэрыял падручніка с. 151-153)
- Назваць і паказаць на карце дзеянні франтоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні БССР.
- Назваць і паказаць буйнейшыя аперацыі Чырвонай Арміі па вызваленніі БССР.
II група
- Якую ролю ў вызваленні адыгралі партызаны і падпольшчыкі? (с.152, 3 абзац)
- Прааналізуйце гістарычныя дакументы 1, 2 на с.155-156 і вызначце задачу, якая вырашалася на трэцім этапе “рэйкавай вайны”.
III група
- Дакажыце, што барацьба з захопнікамі насіла інтэрнацыянальны характар, прывядзіце прыклады гераізму і мужнасці ўдзельнікаў па вызваленні Беларусі.
- Вызначце гістарычнае значэнне і вынікі Беларускай наступальнай аперацыі.
У гонар аперацыі на 21-ым км ад г. Мінска на шашы Мінск-Масква ў 1969 годзе насыпаны Курган Славы Савецкай Арміі – вызваліцельніцы БССР.
Фізкультхвілінка
“Перадай мяч” – навучэнцы перадаюць мяч адзін аднаму, называючы паняцці па тэме “Вялікая Айчынная вайна”.
Работа з ілюстрацыяй с. 152
- Якая падзея аперацыі “Баграціён” адлюстравана на карціне В.Волкава “Мінск. 3 ліпеня 1944 г.”?
- IV. Замацаванне
- Калі праводзілася аперацыя “Баграціён”? Яе мэта? Удзельнікі?
- Якія фактары абумовілі паспяховасць дзеянняў Чырвонай Арміі ў час беларускай наступальнай аперацыі?
Выкананне заданняў на камп’ютары “LearningApps.org.”
Заданне 1. Знайдзі пару
https://learningapps.org/watch?v=pah62sp6k18
Заданне 2. Разгадай крыжаванку “Героі мінулых часоў”
https://learningapps.org/watch?v=pxq5ugst318
Заданне 3. Пазлы
https://learningapps.org/watch?v=p9itj5k2318
Праблемнае пытанне: Чаму разгром групы армій “Цэнтр” у ходзе аперацыі “Баграціён” быў ахарактарызаваны камандаваннем вермахта як катастрофа, большая за Сталінград?
- V. Дамашняе заданне
- 26, заданне 5 (індывідуальнае: падрыхтаваць паведамленні аб барацьбе ўраджэнцаў Беларусі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у еўрапейскім руху Супраціўлення; прэзентацыю “Подзвігу народа жыць у вяках (ушанаванне памяці аб змагарах супраць гітлераўскіх акупантаў))
- VI. Рэфлексія
- Скласці сінквейн
“Баграціён”
Наступальная, імклівая
Акружыць, разграміць, знішчыць
Зрабіла магчымым вызваленне Беларусі
Вызваленне
Спіс літаратуры
- Жук, Т.К. БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны // Беларускі гістарычны часопіс. 2005, № 4. С. 50-53.
- Новік, Я.К. Гісторыя Беларусі, 1917-1945 гг.: Вучэбны дапаможнік для 10 класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання / Пад рэдакцыяй Я.К.Новік, В.В.Гінчук. – Мінск: Народная асвета, 2012.
- Каваленя, А.А. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): Вучэбны дапаможнік для 11 класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання / пад рэдакцыяй А.А.Каваленя. – Мінск: Выдавецкі цэнтр БДУ, 2012. – 231 с.